МBA – практыка-арыентаваная магістратура

У часы эканамічнага крызісу падрыхтоўка кваліфікаваных кіраўнікоў бізнэсам і фінансістаў апынаецца надзвычай акутальнай. Пра адметнасці праграмы MBA (магістратура бізнэс-адміністравання) гутарым з яе кіраўніком, намеснікам дэкана Інстытута бізнэсу і менеджменту тэхналогій БДУ Наталлей Макаевай.

— Спадарыня Наталля, у чым адрозненне праграмы МВА ад іншых магістэрскіх праграм?

— Магістр бізнэс-адміністравання (Master of Business Administration) – вядучая прафесійная ступень у галіне бізнэсу, якая прызнаецца амаль у кожнай краіне свету і вызначае прыналежнасць да супольнасці прафесійных менеджэраў. Адрознасць МВА ад іншых праграм магістэрскага ўзроўню палягае ў скіраванасці на практыку. Тут студэнтам прапаноўваецца ажыццяўляць канкрэтны праект, адаптаваны на рэальны бізнэс, і падчас выканання гэтага праекту адбываецца набыццё глыбокіх тэарэтычных ведаў у абранай галіне. Наша задача не трансляваць веды – патрэбныя кнігі дарослы чалавек і сам у стане чытаць, – але навучыць знаходзіць праблемы, аналізаваць іх, адшукваць рашэнне і сілы ў сабе прымаць гэтыя рашэнні. Таму ў навучальнай праграме шмат кантактных, аўдыторных гадзін – 900 на два гады навучання, лекцыі адбываюцца ў выглядзе абмеркавання праблем рэальных кампаній. Уся бізнэс-адукацыя будуецца на інтэрактыўных метадах навучання, прыкладам, на кейсах, якія прадугледжваюць папярэдняе самастойнае прачытанне студэнтамі тэорыі. Прытым важны не столькі сам кейс (хаця існуюць у практыцы МВА і кейсы-“бэстсэлеры”), колькі методыка яго выкладання.

Даведка
Назва МВА з’явілася ў Амерыцы напрыканцы ХІХ ст., калі індустрыялізацыя справакавала попыт на адукаваных спецыялістаў і менеджэраў, здольных думаць на крок наперад і кіраваць прасунутымі кампаніямі, што пераходзілі на выкарыстанне аўтаматыкі.
Першая бізнэс-школа ў Амерыцы, Wharton Business School, адкрылася ў 1881 годзе ва універсітэце Пенсільваніі – яна сёння ўваходзіць у пяцёрку лідуючых бізнэс-школ гэтай краіны.
Напачатку праграма МВА не сустрэла разумення ў акадэмічных колах – лічылася, што даваць магістэрскую ступень за навучанне камерцыі супярэчыць маральным прынцыпам універсітэцкай адукацыі. З іншага боку, шмат прэтэнзіяў было і ад бізнэсоўцаў, якія лічылі праграму занадта акадэмічнай і адарванай ад жыццёвых рэалій.

— Чаму для паступлення на МВА абавязкова мець вопыт працы? 

 — Калісьці амерыканскія бізнэс-школы прымалі студэнтаў адразу па атрыманні імі ступені бакалаўра, але зараз большасць такіх устаноў патрабуе ад абітурыентаў мінімум двухгадовага стажу працы, а ў вядучых школах – чатырохгадовага. У дакуменце EFMD (European Foundation for Management Development) “Кіруючыя прынцыпы праграмы МВА” гэтая праграма вызначаецца як “праграма змянення ці паскарэння кар’еры”. Адсюль абавязковае патрабаванне практычнага стажу для тых, хто паступае да нас.  

 — Ці МВА сапраўды здольная змяніць кар’еру таго, хто прайшоў праграму?

— Многія мяняюць кар’еру нават не па заканчэнні, а ўжо ў працэсе навучання. Вось асабісты прыклад. Я прыйшла на праграму МВА БДУ (2003-2005 гг.) даволі сталым чалавекам, 36 гадоў, з саліднай адукацыяй фізіка. Навучалася ў аспірантуры, калі абрынуўся СССР і разам з ім магчымасць займацца навукай. Працягваць навучанне і абараняць дысертацыю не мела сэнсу – трэба было выжываць. Пакінуўшы аспірантуру, працавала ў розных кампаніях (фінансавым дырэктарам, намеснікам главы прадстаўніцтва), праходзіла розныя курсы ў рамках карпарацыйнай адукацыі. Хацелася ўжо прэтэндаваць на кіраўнічыя пасады – для гэтага былі навыкі і досвед, але для іх пацвярджэння не хапала прафесійнага дыплома менеджэра. Гэта і сталася першапачатковай прычынай паступлення на праграму, але само навучанне і вынікі пераўзышлі чаканні. Праграма МВА структуруе мысленне, дазваляе па-іншым зірнуць на сябе, сваю справу і атачэнне. Ужо скончыўшы навучанне, я перайшла працаваць у кансалтынгавую кампанію, затым мяне запрасілі распрацаваць курс “Стратэгічны менеджмэнт” на англійскай мове, а ў 2007-м прапанавалі стаць кіраўніком праграмы ў ІБМТ. І такіх прыкладаў змены кар’еры можна прывесці мноства. 

 — Ці розняцца МВА, якія можна атрымаць у Еўропе, Амерыцы і ў Расіі?

— На захадзе МВА – гэта другая ступень вышэйшай адукацыі. А ў Расіі – дадатковая адукацыя з наданнем кваліфікацыі “Майстар справавога адміністравання”. Але змест праграм МВА не надта мяняецца ў розных краінах. Набор курсаў ахоплівае асноўныя сферы бізнэсу – кіраванне арганізацыяй, фінансы, маркетынг, вытворчасць, чалавечыя рэсурсы, лагістыка і іншыя, а таксама прадметы, скіраваныя на павышэнне кіраўнічых навыкаў і асабістай эфектыўнасці менеджэра – мастацтва прэзентацый, тайм-менеджмент, лідарства і праца ў камандзе, планаванне кар’еры.

— Як развіваецца праграма на Беларусі?

— У Беларусі праграма General МВА выкладаецца толькі ў Інстытуце бізнэсу і менеджменту тэхналогій БДУ, дзе пасля двухгадовага курсу студэнтам прысуджаецца ступень магістра бізнэс-адміністравання. Існуе яшчэ такі кірунак, як Executive MВА, які прадстаўлены ў Беларусі ў Інстытуце прыватызацыі і менеджменту (ІПМ). Адно з абавязковых патрабаванняў у міжнароднай практыцы да тых, хто паступае на гэтую праграму – не менш сямі, а ў асобных краінах дзесяці гадоў кіраўніцкага вопыту. Мы з ІПМ не канкуруем – у нас розная мэтавая аўдыторыя. Мы бярэм людзей з вышэйшай адукацыяй і стажам не менш за 2 гады пасля заканчэння ВНУ. 

 — Летась на праграму МВА побач з дзвюма звычайнымі групамі было набрана дзве англамоўныя. Распавядзіце, калі ласка, пра іх навучанне.

— Наша праграма дае магчымасць навучацца на англійскай мове. Мова бізнэсу істотна адрозніваецца ад гутарковай – дзякуючы праграме студэнты атрымліваюць цалкам іншы ўзровень валодання мовай, пачынаюць разумець спецыяльныя тэрміны, вучацца чытаць фінансавыя дакументы. Пры паступленні ўзровень валодання англійскай тэстуецца і абітурыентам даюць рэкамендацыі, ці варта яму ці ёй ісці ў англамоўныя групы. Націск робіцца на вывучэнне не мовы, а бізнэс-дысцыплін, таму важна, каб мова не перашкаджала разуменню і засваенню прафесійных ведаў. Плюс англамоўнай праграмы яшчэ і ў тым, што ў асноўным бізнэс-кейсы выдаюцца на англійскай. Бізнэс-кейсаў на рускай мове, падрыхтаваных нашымі выкладчыкамі МВА, пакуль няшмат, складанасць тут палягае ў закрытасці фінансавай інфармацыі беларускіх і расійскіх кампаній. Але навучанне ў англамоўных групах абыходзіцца даражэй – на сёння 16, 2 млн рублёў у параўнанні з 13,5 млн за рускамоўную праграму. 

 — Якім чынам адбываецца ацэнка ведаў у межах праграмы?

— Нам часам хочацца, каб за нашы грошы нам веды ў рот паклалі, разжавалі і далі пляшку вады запіць. Каб назаўтра прыйсці на працу з гатовым рашэннем і зарабіць мільён. Так не бывае. Падчас навучання на МВА даводзіцца вельмі шмат працаваць.
Уступныя іспыты на праграму МВА БДУ адбываюцца ў ліпені. Напрыканцы навучання студэнты абавязаныя напісаць і абараніць магістэрскую працу – гэта павінны быць не навуковы даклад, а рэальны практычны праект на прыкладзе канкрэтнага прадпрыемства. Каб захаваць высокі ўзровень адукацыі на праграме МВА і статуснасць дыплома, існуе мінімальны прахадны бал для допуску да абароны дыплома. У заходніх школах гэты бал амаль ніколі не бывае ніжэй за 8, у нас – 6. Пакуль што.

— Дзякуй за цікавую гутраку і падрабязную інфармацыю пра МВА.

Падрыхтавала Маргарыта Аляшкевіч