Новости

Калыска характару. “Вольны час быў як свята”

Пётр Брыгадзін пра малую радзіму

 
– Мая малая радзіма – вёска Моладава Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Сюды наша сям’я пераехала з хутара (ён знаходзіўся за кіламетр ад Моладава), калі мне было 6 гадоў. Тут я скончыў школу, а ў 17 гадоў стаў студэнтам гістарычнага факультэта БДУ. Дарэчы, нас у сям’і было чацвёра дзяцей, і ўсе мы ў свой час атрымалі дыплом Белдзяржуніверсітэта. На малую радзіму я прыязджаю штогод. З гэтымі месцамі мяне звязваюць такія ўспаміны:
 

1. Родныя словы

«Пеця, іды дохаты» – засталіся ў памяці гэтыя распеўныя словы мамы (яна спявала ў царкоўным хоры). Памятаю, калі гуляў з хлапчукамі ў канцы вуліцы і чуў гэтыя словы, то разумеў, што мяне чакаюць дома, будзе праца.
 
«Рыхтык» – нямецкае слова, якое любіў гаварыць бацька, яно значыць «сапраўды».
 
«Наперад, магчыма, на міны, але наперад» – гэта мая фраза з’явілася тады, калі даведаўся, як загінуў ва Усходняй Прусіі ў студзені 1945 года старэйшы брат бацькі Цімафей – салдатаў пагналі на міны.

 

2. Занятасць

Часу вольнага амаль не было. Школь­ныя справы часцяком не былі прыяры­тэтам, калі было вельмі шмат працы па гаспадарцы. Вольны час быў як свята. Узімку мы з сябрам гулялі ў шахматы (гэта быў наш улюбёны занятак), а ўлетку гулялі ў футбол і хадзілі плаваць на раку. Кожны дзень, вярнуўшыся са школы, дапамагалі ­бацькам. На мне быў цэлы функцыянал: прынесці дроў, натапіць печку, прыбрацца ў двары, улетку ехаць па траву, пасвіць жывёл і іншае. Гэтыя пастаянныя абавязкі выхавалі ўва мне паважлівае стаўленне да працы.
 

Пётр Брыгадзін на малой радзіме
 

3. Кветнікі і хаты, якія не зачыняліся на замок

Гэтыя ўспаміны пра цвіценне засталіся са мной дагэтуль. Велізарныя кветкі розных колераў. Жыхары высаджвалі іх каля хат, двары былі надзвычай маляўнічыя. Кожны імкнуўся вылучыцца. У нас таксама хата была акружана самымі прыгожымі кветкамі з трох бакоў.
 

4. Прыгажосць палескай зямлі

Гэта густы лес, малыя рэчкі, якія працякалі побач з вёскай і ўпадалі ў раку Ясельду, паплавы...
 

5. Знакамітая вёска: Войны, Агінскія, Скірмунты

Ёсць пісьмовае згадванне, што Мацвей Война атрымаў ад пінскага князя Фёдара Яраслававіча дворышча ў Моладаве ў 1497 г. Захаваўся ў мясцовай Узнясенскай царкве старадаўні звон, адліты ў Коўне ў 1583 г. у памяць пра Мацвея Войну. Па некаторых дадзеных гэта самы стары звон у Беларусі. Пасля Войнаў маёнтак у спадчыну перайшоў вядомай сям’і Казіміра Агінскага, а затым у канцы 18 стагоддзя быў прададзены Міхалам Клеафасам Шымону Скірмунту.
 

Моладава, сядзіба Скірмунтаў. Напалеон Орда, 1875
 
Новыя гаспадары ператварылі Моладава ў прамысловую сталіцу рэгіёна – менавіта тут каля 200 гадоў назад запрацаваў адзін з першых цукровых заводаў Беларусі. Аляксандр Скірмунт атрымаў першы афіцыйна зарэгістраваны ў нашай краіне патэнт на сваё вынаходства, якое дазваляла паскорыць аперацыю па выпарванні ­цукру з сіропу з 4 гадзін да 5 хвілін. На ­жаль, сядзіба Скірмунтаў не захавалася, велічны будынак падарвалі падчас вайны. Пра былую раскошу мястэчка нагадвае ­толькі капліца-пахавальня. Капліца ўражліва прыгожая: калоны, порцікі і ляпніна.
 
 
Трэба адзначыць, Узнясенская царква і капліца Скірмунтаў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
 
 
Я лічу, што малую радзіму цяжка ацаніць адной фразай. Наш унутраны свет, стаўленне да людзей, даручанай справы – усё гэта звязана з дзяцінствам, тым асяроддзем, у якім мы гадаваліся.
 
Гутарыла Алена ЛЯЎШЭНЯ

Газета БДУ “Універсітэт”